

КОНКУРС ПРАЕКТНЫХ ПРАПАНОВАЎ
Праграма Belarus Beehive абвяшчае конкурс праектных прапановаў для беларускіх ініцыятываў і арганізацыяў грамадзянскай супольнасці, а таксама для журналістаў-раследвальнікаў.
Мэта конкурсу – дапамагчы грамадзянскай супольнасці выжыць у час рэпрэсіяў і зрабіць унёсак у пераход Беларусі да дэмакратыі.
Тэматычныя кірункі праграмы
Мы фінансава падтрымліваем грамадзянскія ініцыятывы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці наступных тэматычных кірункаў:
-
адукацыя
-
культура
-
мясцовае самакіраванне
-
прафсаюзы і працоўныя дачыненні
-
журналістыка раследаванняў
-
падтрыманне кааліцыяў
Іншыя сферы дзейнасцi таксама могуць быць уключаныя, калі гэта апраўдана і адпавядае мэтам праграмы Belarus Beehive.
Журналiстыка раследванняў
У дадзены момант мы таксама прымаем заяўкі ад журналістаў-раследвальнікаў. Праекты могуць быць прафінансаваны пасля разгляду журы BelarusBeehive на аснове прафесійных стандартаў. Мы асабліва падтрымліваем заяўкі, накіраваныя на асвятленне карупцыі, правапарушэнняў і злоўжыванні ўладай, кантрабанды тавараў, міграцыі, практыкі ўхілення ад міжнародных санкцый, жорсткасці і гвалту з боку сілавых структур. Могуць быць разгледжаны і любыя іншыя тэмы.
Прыярытэты праграмы
Belarus Beehive
Мы разгледзім праектныя прапановы, якія:
-
дазваляюць арганізацыям i ініцыятывам грамадзянскай супольнасці працягваць дапамогу і аказанне паслугаў сваім мэтавым супольнасцям;
-
дапамагаюць беларускаму грамадству зменшыць наступствы рэпрэсіяў;
-
раследуюць падзеі павыбарчага перыяду, карупцыю, гвалт з боку сілавікоў у дачыненні пратэстоўцаў ды падобныя рэчы і падзеі апошняга часу
-
дапамагаюць задаволіць неадкладныя мясцовыя патрэбы, выкліканыя пандэміяй COVID-19;
-
прапануюць пілотныя інавацыйныя рашэнні самых надзённых праблемаў з магчымасцю далейшага маштабавання;
-
забяспечваюць рэалізацыю пілотных ідэяў (праектаў) у ключавых тэмах праграмы (адукацыя, мясцовае самакіраванне і мясцовыя супольнасці, культура, прафсаюзы, працоўная і сацыяльная сферы) і ў шырэйшым маштабе.
Умовы атрымання дапамогі
Працягласць
Ад 3 да 12 месяцаў. Даўжэйшы тэрмін рэалізацыі можа быць разгледжаны ў выпадку пераканаўчых абгрунтаванняў.
Памер
-
Мінімум € 5000
-
Максімум € 60 000
Дадатковае фінансаванне не патрабуецца.
Тыповы дыяпазон зацверджаных бюджэтаў складае ад 10 000 да 25 000 эўра.
Тыпы праектаў
У сферы адукацыі
Падтрыманне ініцыятываў у галіне грамадзянскай адукацыі, дапамога прыватным школам, супольнасцям і асацыяцыям настаўнікаў, супольнасцям бацькоў ды інш., каб забяспечыць якасную, сучасную і свабодную ад прапаганды адукацыю або асобныя навучальныя курсы; укараненне інавацыяў у адукацыйнае асяроддзе (у тым ліку «edtech»); падтрыманне аўтаноміі адукацыйных установаў і практык удзелу ў кіраванні, і інш.
У сферы мясцовага самакіравання і развіцця мясцовых супольнасцяў
Падтрыманне дзеянняў мясцовых дваровых ініцыятываў і створаных нанова або адноўленых органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, накіраваных на развязанне мясцовых праблемаў і задавальненне мясцовых патрэбаў; правядзенне грамадскіх дыскусіяў, прысвечаных рэформам мясцовага самакіравання; падтрыманне мерапрыемстваў, якія звязаныя з мясцовымі выбарамі і г. д., дапамога мерапрыемствам мясцовых жыхароў дзеля паляпшэння мясцовых умоваў жыцця і самаарганізацыі ў розных фарматах;
У сферы культуры
Падтрыманне творчых праектаў рэпрэсаваных мастакоў і культурных калектываў; тэрміновае фінансаванне ініцыятываў; тэставанне новых змяшаных мадэляў фінансавання культуры; дапамога прафесійным аб'яднанням у сферы культуры і культурных хабаў; развіццё «супольнасцяў спадчыны»;
Для прафсаюзаў, а таксама ў працоўнай і сацыяльнай сферы
Кампаніі дзеля павышэння дасведчанасці і кампаніі рэкрутынгу новых чальцоў для прафсаюзаў; стварэнне і дапамога новым прафсаюзным арганізацыям і іх дзейнасці, і падобнае.
Для журналістыкі раследаванняў
Раследаванні, якія дазваляюць праліць святло на ўнутраную механіку ўлады, на павыбарчыя падзеі ў краіне, рэпрэсіі ды адказных за іх, і на падобныя тэмы.
Гэта далёка не поўны спіс тэмаў і кірункаў – BELARUS BEEHIVE адкрыты для разнастайных і інавацыйных прапановаў.
Прыклады актыўнасці, якой мы спрыяем
-
падтрыманне асноўнай дзейнасці, функцыянавання арганізацыяў (персанал, памяшканні, абсталяванне; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, сродкі сувязі ды інш.)
-
сустрэчы, семінары, воркшопы, канферэнцыі, лабараторыі; школы, хакатоны, летнія лагеры, грамадскія кансультацыі ды інш.
-
кампаніі і акцыі салідарнасці ў Беларусі і за мяжою
-
інфармацыйныя кампаніі і кампаніі адвакацыi ў Беларусі і за мяжою
-
распрацоўванне прадуктаў ІКТ, распрацоўванне крэатыўных прадуктаў
-
праца над рашэннямі, якія дазваляюць павысіць удзел уразлівых групаў у грамадскім жыцці
-
распрацоўванне і распаўсюд адукацыйных і інфармацыйных матэрыялаў
-
распрацоўванне і распаўсюд аналітычных ацэнак і дакументаў публічнай палітыкі
-
журналісцкія раследаванні гвалту сілавікоў, карупцыі ў вертыкалі, палітычных ды эканамічных аспектаў, ды падобнае
Праекты з інавацыйнымі элементамі (якія, напрыклад, уключаюць сацыяльныя ці тэхналагічныя інавацыі дзеля дасягнення мэтавых групаў) і пілотныя праекты з патэнцыялам тыражавання ў больш шырокім маштабе будуць мець прыярытэт
BELARUS BEEHIVE найперш падтрымае дзейнасць, якая ажыццяўляецца пераважна ў Беларусі ці, прынамсі, прыносіць карысць і падтрымлівае людзей у Беларусі.

Хто можа падаць заяўку
Перадусім, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, як зарэгістраваныя (у Беларусі, суседніх краінах ці краінах – чальцах ЕЗ), так і незарэгістраваныя ініцыятывы. Асобы, якія дзейнічаюць ад імя нефармальнай групы ці ініцыятывы, таксама могуць падаць заяўку.
Атрымальнікі павінны мець адпаведную сістэму фінансавага кіравання дзеля забеспячэння адэкватнай справаздачнасці і кантролю, магчымасць падаць неабходную дакументацыю, якая пацвярджае выдаткi, ці быць гатовымi прайсці курс навучання ў галіне фінансавага кіравання.
Прэтэндэнты могуць дзейнічаць індывідуальна або ў партнёрстве. У выпадку партнёрства адна фізічная або юрыдычная асоба павінна выступаць як вядучая арганізацыя. Вядучаму заяўніку дазваляецца выступаць як партнёру ў іншых праектах.
Як падаць заяўку
Форма заяўкі складаецца з двух абавязковых дакументаў:
-
апісанне праекта (для заявак апроч журналістыкі раследаванняў абавязкова кіравацца ўзорам);
-
бюджэт у еўра (для заявак па ўсіх кірунках абавязкова кіравацца ўзорам).
Форма заяўкі запаўняецца на беларускай, рускай або англійскай мовах і можа ахопліваць адзін або некалькі тэматычных сектараў.
Праектныя прапановы трэба падаваць толькі праз анлайн-формы на сайце праграмы!
Тэрміны разгляду
Заяўкі будуць прымацца на сталай аснове з 2 кастрычніка 2021 года.
Калі не дамоўлена інакш, падтрыманыя праекты мусяць завяршыцца не пазней за 31 чэрвеня 2023 г.
Вы атрымаеце адказ на сваю праектную прапанову на працягу 1 месяца, а пачняце рэалізацыю праекта не пазней, чым праз 2 месяцы з даты падачы заяўкі, калі ваш праект не перавышае 15 000 еўра.
Гэтыя тэрміны могуць складаць 2 і 3 месяцы адпаведна, калі ваш праект перавышае 15 000 еўра.
Заяўкi на журналістыку раследаванняў
Заяўкi па іншых кірунках
З 15 мая 2022 г. прыём заявак на ўсе кірункі часова прыпыняецца. Разгляд заявак будзе адноўлены ў верасні 2022 г. Больш дакладную дату мы паведамім пазней.
Зычым поспеху і мужнасці, каб вярнуць нашай краіне свабоду і збудаваць новую дэмакратычную Беларусь!